РАДЫЕНУКЛІ́ДНАЯ ДЫЯГНО́СТЫКА, радыеізатопная дыягностыка,
распазнаванне паталагічных змен асобных органаў і сістэм арганізма з дапамогай радыеактыўных прэпаратаў. Заснавана на рэгістрацыі і вымярэнні выпрамяненняў ад уведзеных у арганізм радыеактыўных прэпаратаў або радыеметрыі біял. проб. Р.д. з выкарыстаннем радыенуклідаў адлюстроўвае іх рух і размеркаванне ў органах і тканках і не ўплывае на цячэнне фізіял. працэсаў. Актыўнасць радыенукліда, які выкарыстоўваецца пры Р.д., памяншаецца ў выніку яго распаду (фіз. працэс) і вывядзення прэпарату з арганізма (біял. працэс). З мэтай візуалізацыі ў Р.д. выкарыстоўваюцца радыенукліды, што выпраменьваюць гамафатоны (высокаэнергет. эл.-магн. выпрамяненне). Каб пазбегнуць празмернага ўздзеяння на пацыента, перыяд паўраспаду радыенукліда павінен складаць 1/3 часу даследавання, якое цягнецца ад 10 мін да некалькіх гадзін. Р.д. дазваляе вывучаць абмен рэчываў, функцыю органаў і сістэм, скорасць руху крыві і лімфы, транзіт кішэчнага змесціва, сакраторна-экскрэторныя працэсы і інш.
А.М.Міхайлаў.
т. 13, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)